Правядзенне пасяўной кампаніі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, падрыхтоўка да Дня Перамогі -- гэтыя пытанні былі разгледжаны на планёрцы, якая пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага прайшла ў аўторак.
Пачалася планёрка з абмеркавання стану спраў у сельскагаспадарчай галіне. Што ўжо зроблена і што яшчэ трэба будзе зрабіць -- пра гэта і многае іншае расказаў першы намеснік старшыні -- начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка. Усе работы аграрыі зараз праводзяць з аглядкай на надвор'е. Пахаладанне перашкаджае правядзенню пасяўной кампаніі -- гаспадаркі пераключаюцца на іншыя віды дзейнасці -- іх вясной у сельгаспрадпрыемствах нямала. Па даных на 4 красавіка, у раёне пасеяна 41% яравых збожжавых і зернебабовых культур. Вядзецца падрыхтоўка глебы, унясенне мінеральных угнаенняў, ажыццяўляецца падкормка азімых зерневых культур і азімага рапсу.
Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі заўважыў, што вынік працы аграрыяў будзе залежаць не толькі ад надвор'я, але і ад захавання тэхналогіі і адказнага стаўлення да выканання сваіх абавязкаў. Галоўнае, бясспрэчна, -- пасяўная. Зразумела, што ў такіх умовах трэба будзе працаваць максімальна аператыўна, дакладна і зладжана. Задача на сёлетні сезон, як і раней, нязменная -- спрацаваць трэба яшчэ лепш, чым у мінулым годзе.
На планёрцы ўзнімалася пытанне захавання матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, у прыватнасці паліва, што асабліва актуальна для пасяўной кампаніі. Як адзначыў першы намеснік начальніка РАУС Сяргей Асовік, за мінулы тыдзень у раёне зарэгістраваны тры выпадкі крадзяжоў ГЗМ і ветпрэпаратаў у сельгасарганізацыях раёна.
Пытанні навядзення парадку на зямлі таксама былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады. Асабліва актыўна гэтыя работы павінны быць праведзены ў красавіку ў рамках месячніка па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Таму важна арганізаваць для ўдзелу ў ім працоўныя калектывы і насельніцтва. Адно з вострых пытанняў, якое ўздымалася на планёрцы -- правядзенне якаснага ямачнага рамонту дарог.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна спынілася на падрыхтоўцы раёна да святкавання Дня Перамогі. Яна адзначыла, што ў бліжэйшы час аргкамітэтам будзе распрацавана канцэпцыя правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, каб свята было яркім і запамінальным. На сённяшні дзень вядзецца работа па аказанні матэрыяльнай дапамогі і вырашэнні праблем ветэранаў. Адзін з накірункаў -- увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны. Работы па добраўпарадкаванні будуць праведзены ля помнікаў загінуўшым да 1 мая.
Сярод пытанняў, якія знаходзяцца на кантролі ў старшыні райвыканкама, -- будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома па вуліцы Заводскай раённага цэнтра. Аляксей Валянцінавіч таксама цікавіўся работай са зваротамі грамадзян, якія паступілі ў райвыканкам у першым квартале бягучага года.
Аб аператыўнай абстаноўцы ў рэгіёне расказаў першы намеснік начальніка РАУС Сяргей Асовік: за мінулым тыдзень у раёне ўзбуджана 8 крымінальных спраў. Па фактах парушэння правіл дарожнага руху складзена 148 адміністрацыйных пратаколаў, 5 дарожна-транспартных здарэнняў адбыліся з матэрыяльнай шкодай.
-- Былі зарэгістраваны 2 пажары гаспадарчых пабудоў, жылога дома і аўтамабіля. З пачатку года ў раёне адбыліся 11 пажараў, у агні загінуў 1 чалавек. У мінулым годзе за гэты перыяд 14 і 1 адпаведна, -- далажыў начальнік РАНС Аляксандр Малюгін.
Абмяркоўваліся на планёрцы і іншыя актуальныя тэмы.